ВІТАНКІ! МЫ - БЕЛАРУСКІ АМАТАРСКІ КАМЕРНЫ ХОР NAVOKAL
Наша місія
NAVOKAL створаны ў Вільні ў 2024 годзе для беларусаў і беларусак, аматараў і аматарак, аб’яднаных любоўю да культурнай спадчыны і якаснага харавога выканання.
Мы імкнёмся захоўваць і папулярызаваць беларускую музычную спадчыну, аб’ядноўваць беларусак і беларусаў і ўсіх зацікаўленых у беларускай культуры за межамі Беларусі, а таксама садзейнічаць культурнаму абмену з літоўскай супольнасцю.


Наш рэпертуар
У нашым рэпертуары - музыка розных напрамкаў: духоўныя, акадэмічныя, народныя і папулярныя творы кампазітараў і кампазітарак з Беларусі, Літвы і іншых еўрапейскіх краін.
Наш дырыжор
З 2025 года мы супрацоўнічаем з маладым літоўскім дырыжорам Deimantas Raščinskis, чыя творчая энэргія і прафесіяналізм натхняюць на сталы рост ды ўдасканальванне.


Наш досвед
За час сваёй дзейнасці NAVÓKAL стаў удзельнікам больш як 20 канцэртаў, фестываляў, навуковых, грамадскіх і культурных мерапрыемстваў у Літве.Хор рэгулярна выступае на гарадскіх і міжнародных фестывалях, удзельнічае ў міжкультурных праектах і дабрачынных ініцыятывах, супрацоўнічае з музеямі, універсітэтамі, грамадскімі арганізацыямі і культурнымі інстытуцыямі.Сярод нашых выступленняў - Kultūros naktis (Ноч культуры), Gatvės Muzikos Diena, Refugee Week Lithuania: Cultural Rhythms, сямейны беларуска-літоўскі фестываль Po stebuklingu medžiu, фестываль «Беларусь Старажытная», фестываль інтэлектуальнай кнігі «ПРАДМОВА», міжнародная навуковая канферэнцыя Translation at the Crossroads of Ideologies and Cultures, аўтарскі канцэрт «Міцкевіч па-беларуску», а таксама многія іншыя праекты.
Праект
"Міцкевіч па-беларуску"
«Міцкевіч па-беларуску» - гэта літаратурна-музычны праект, які аб’ядноўвае паэзію Адама Міцкевіча і харавое гучанне ў беларускіх перакладах. Гэта магчымасць пачуць творы, якія дагэтуль ніколі не выконваліся харамі па-беларуску

ЧАМУ МІЦКЕВІЧ?
Адам Міцкевіч - адна з ключавых постацей культуры нашага рэгіёна, чыя творчасць сфармавалася на скрыжаванні моў, традыцый і ідэнтычнасцей.
У Польшчы Міцкевіча лічаць сваім, бо менавіта ён стаў галоўным голасам польскага рамантызму, напісаў па-польску “Пана Тадэвуша ”, “Дзяды ” ды іншыя творы, якія фарміравалі польскую нацыянальную свядомасць.
У Літве бачаць у ім свайго, паколькі яго “Litwo! Ojczyzno moja! ” адрасавана яго духоўнай радзіме, яго рамантычнаму ідэалу ВКЛ.
У Беларусі памятаюць, што Міцкевіч - ураджэнец беларускай зямлі, выхаваны ў асяроддзі, дзе беларуская мова была штодзённай, а беларускі фальклор і рэальнасць фарміравалі яго светаўспрыманне. Даследчыкі называюць яго беларускім польскамоўным паэтам і бачаць у ім аднаго з тых, хто перанёс вобразы беларускай прасторы ў еўрапейскую літаратуру праз польскі тэкст.
ЧАМУ ПА-БЕЛАРУСКУ
Беларуская мова з’яўляецца натуральным і важным ключом да спадчыны Міцкевіча, звязанай з нашай зямлёй, гісторыяй і культурнай памяццю. Нам вельмі хацелася папоўніць беларускамоўны харавы рэпертуар творамі на словы нашага славутага земляка.
Мы вельмі радыя падзяліцца нашымі напрацоўкамі, каб усё больш і больш людзей у свеце спявала Міцкевіча па-беларуску.


